Xreferat.com » Рефераты по зарубежной литературе » Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г.

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г.

сумненнях, Панас спрабуе мысліць не толькі сацыяльна-класавымі катэгорыямі, але і выходзіць да агульначалавечых праблем: «Агульначалавечае шчасце, бачу я, ідзе пад палотнішчам, афарбаваным у кроў. Гэта сімвал нашае веры. Гэта сімвал таго, што агульначалавечае шчасце можна толькі заваяваць у жорсткім змаганні» (Там жа. С. 109.). Думкі Панаса больш падобныя на гатовыя палітычныя лозунгі. Пісьменнік пераадольвае рэшткі нарысавасці і лірычнай расслабленасці ў апісанні падзей і паказвае шпаркае нарастанне напружання, завяршаючы аповесць трагічным фіналам, калі Панас гіне ў час «бабскага бунту».

Сацыялагічная схема, якая запанавала ў сферы ідэалогіі, уплывала не толькі на маладзейшых і менш вопытных празаікаў, але і на такіх, як Я. Колас. У яго аповесці «Адшчапенец» (1931), з аднаго боку, выявілася глыбокае разуменне трагедыі селяніна, які як «серадняк» яшчэ не паспеў перажыць асалоду працаваць на ўласнай зямлі і павінен «ударнымі тэмпамі» псіхалагічна перабудавацца на новы лад, а з другога – досыць наіўная вера ў перавагі калектыўнага гаспадарання, што адлюстравалася ў ідылічным апісанні калгаса, у якім па волі аўтара пабываў герой-праўдашукальнік.

Пэўная павярхоўнасць у адлюстраваннні калектывізацыі характарызуе таксама ў цэлым неблагую аповесць Б. Мікуліча «Чорная Вірня» (1931). Адна з цікавых асаблівасцей сюжэта гэтага твора ў тым, што ў цэнтры ўвагі яе вобраз пісьменніка, інтэлігента, які прыехаў ажыццяўляць калектывізацыю на вёску. Адпаведна ў аповесці былі так ці інакш закрануты пытанні літаратуры і мастацтва, іх месца ў грамадстве.

Асобныя захады па ўзмацненню гуманістычнага пафасу прозы назіраліся на працягу дзесяцігоддзя, але не былі належным чынам ацэнены ў неспрыяльнай атмасферы ідэалагічнага нагляду і жорсткіх рэпрэсій. Гэтыя захады выявіліся не толькі ў творчасці прызнаных майстроў слова, але і менш вядомых празаікаў, якім абставіны не далі магчымасці раскрыць свой талент. У аповесці В. Сташэўскага «Пад местачковым месяцам» (1930) створаны сакавітыя малюнкі местачковага побыту, асобныя каларытныя вобразы (гандляра Майзельсона, старога Лейбы). Пазбягаючы публіцыстычных спрашчэнняў, аўтар міжволі паглыбляўся ў апісанне звычайнага жыцця звычайных людзей і з асалодай узнаўляў мілыя яго сэрцу падрабязнасці. Тое самае адбывалася і ў аповесцях С. Знаёмага «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1934), у якіх спачуванне аўтара простаму чалавеку выявілася ў шырокім выкарыстанні «сентыментальнага стылю», названага тагачаснай крытыкай прыналежнасцю «наццэмаўшчыны». Аднак у другой палове 30-х гадоў «здаровая рэалістычнасць» перамагла, і ў прозе запанавалі партыйная публіцыстыка, аўтарытарны стыль, жорсткія сінтаксічныя канструкцыі, запазычаныя з тэкстаў урадавых пастаноў і інструкцый.

Асабліва моцна змены закранулі «гарадскую», «індустрыяльную» аповесці, якія з'явіліся водгукам на заклік ствараць «гісторыю фабрык і заводаў». Ужо ў аповесці З. Бядулі «Таварыш Мінкін» (1930) выходзіць на пярэдні план вобраз кіраўніка, вылучэнца з рабочых, які змагаецца з бюракратызмам, з адсталымі мяшчанскімі настроямі, дзеля чаго спасцігае азы фінансавай справы і заваёўвае «папяровы фронт». Псіхалагічная матывацыя паводзін Саламона Мінкіна часта наіўная, бо кіруе ім галоўным чынам «класавы інстынкт». П. Броўка на заклік партыі «вывучаць жыццё» адказаў тым, што паўгода «жыў жыццём папяровай фабрыкі», каб потым напісаць нарысавую аповесць «Каландры» (1931). А аповесць Б. Мікуліча «Наша сонца» (1931) узнікла як спроба стварыць вобраз «новага чалавека»: у творы – гэта камсамолец Анатоль Шастакоў, які жыве выключна грамадскімі інтарэсамі, а да ўсяго асабістага абсалютна абыякавы. Абсалютызацыя тэмы працы заўважаецца ў аповесцях А. Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М. Паслядовіча «Магістральны канал» (1940). Такім чынам аповесць апынулася перад пагрозай знікнення, ператварыўшыся ў апісанне вытворчага працэсу з выкарыстаннем асобных элементаў мастацкасці.

Эпічны пачатак аповесці, якая прэтэндуе на аб'ектыўны паказ рэчаіснасці, спрабавалі падтрымаць старэйшыя празаікі – Я. Колас, З. Бядуля, К. Чорны. У аповесці Я. Коласа «Дрыгва» (1932–1933), якая неўзабаве пасля публікацыі ў друку набыла вялікую папулярнасць, свядома падкрэсліваўся летапісна-легендарны маштаб падзей грамадзянскай вайны. Вобраз дзеда Талаша таксама задумваўся як вобраз, які ўвасабляў нацыянальны характар беларуса, а палеская экзотыка толькі адцяняла гэту характарнасць героя. Шырокая ўрачыстая танальнасць апавядання час ад часу зніжалася за кошт падрабязнага апісання побыту і добразычлівага аўтарскага гумару. Дзед Талаш – паўстанец, партызан, вольналюбівы чалавек, для якога галоўнае – уласная незалежнасць і адмаўленне уніфікацыі, што запанавала ў савецкім грамадстве падчас напісання аповесці. Захаваўшы псіхалагічную праўдзівасць у абмалёўцы персанажаў, Я. Колас здолеў надаць твору эпічны размах і драматычную напружанасць сюжэта. Нездарма «Дрыгва» неўзабаве набыла сцэнічнае ўвасабленне пад назвай «У пушчах Палесся».

Неблагімі ў цэлым творамі сярэдзіны – канца 1930-х гг. сталі аповесці З. Бядулі «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У біяграфіі героя аўтар бачыў выяўленне біяграфіі свайго пакалення, вядучых тэндэнцый эпохі войнаў і рэвалюцый. У гэтых творах шмат праўдзівых апісанняў побыту яўрэйска-беларускіх мястэчак, моцны пафас гуманізму ў паказе трагічнага лёсу землякоў празаіка і складанага шляху галоўнага героя Левіна. Разам з тым, З. Бядуля не змог супрацьстаяць уплыву вульгарна-сацыялагічных схем, якія запанавалі ў гэты час у літаратуры, што выявілася ў фарсіраванні выспявання рэвалюцыйнай свядомасці і Левіна, і местачкоўцаў.

Аповесць К. Чорнага «Люба Лук'янская» (1936) адчула на сабе моцнае ўздзеянне эпічных задум празаіка, што выявілася ў яе раманным па свайму характару змесце, у маштабным развароце падзей, людскіх лёсаў, у філасофскай заглыбленасці і псіхалагічнай матывацыі ўчынкаў герояў. Узмацненне эпічнага пачатку заўважаецца і ў пераносе цэнтра цяжару са статычнага апісання асобных эпізодаў і характараў на драматычны рух сюжэта, на паказ скразнога дзеяння, якое дасягае сваёй кульмінацыі ў эпізодзе нечаканай сустрэчы ў адным месцы адразу ўсіх герояў, калі адкрываецца гістарычны сэнс «філасофіі жыцця» кожнага з персанажаў аповесці. «Люба Лук'янская» поўніцца гуманістычным пафасам сцвярджэння чалавечай асобы, яе права на шчасце і адмаўленне носьбітаў ідэі «чалавек чалавеку воўк», якія мералі на свой «вераб'іны маштаб» чалавечае жыццё.

Жанр рамана ў 1930-я гг., зноў жа, як і аповесці з апавяданнем, найбольш узбагаціў К. Чорны.

Эпічная задума рамана К. Чорнага «Ідзі, ідзі» (1930) вырасла на аснове імкнення да «шырокай перспектыўнасці» ў паказе рэчаіснасці, «узаранай» вялікімі грамадскімі падзеямі канца 20-х і пачатку 30-х гадоў. Гэта патрабавала ў сваю чаргу распрацаванага шматпланавага сюжэта, мноства галоўных і другарадных персанажаў, якія павінны былі ілюстраваць тэзіс К. Чорнага пра «рэальную шматграннасць і філасофскае адзінства» раманнага свету. Дзеля гэтага быў ужыты досыць фармальны прыём: у цэнтры сюжэта род Сегеняў, які мае свайго селяніна, пралетарыя, кулака, чыноўніка і такім чынам ахоплівае розныя сферы грамадскага жыцця. Аднак многія вобразы і праблемы твора толькі названы, раскрыты бегла і схематычна. Не ратаваў задумы і дэтэктыўны момант: у пралогу да рамана расказваецца пра забойства. Нават такі рэдкі ў тагачаснай беларускай прозе спосаб ажыўлення сюжэта, як узаемнае ліставанне герояў, якое дапамагала запоўніць прагалы паміж падзеямі, растлумачыць матывы паводзін герояў, праінфармаваць «ад аўтара» пра тое, што адбылося, выглядае ў рамане «Ідзі, ідзі» як штучны, у пэўнай меры зададзены. Тым не менш у гэтым творы К. Чорнага адчувалася напружанне пісьменніцкай думкі над складанымі праблемамі сучаснасці, узноўлена атмасфера інтэлектуальных дыскусій, філасофскага пошуку ісціны.

Разважаючы над шляхамі творчай эвалюцыі рамана, К. Чорны прыйшоў да задумы стварыць цыкл раманаў, аб'яднаных агульным матэрыялам «гісторыі беларускага народа». У адрозненне ад класікаў (А. дэ Бальзак, Э. Заля) і сучаснікаў (Р. Ралан, Дж. Галсуорсі, М. Пруст) запланаваны цыкл павінен быў складацца з асобных твораў, у кожным з якіх ставілася адна з цэнтральных у жыцці беларусаў праблем, былі свае героі, апрабоўваліся розныя спосабы мастацкага даследавання. Цыкл адкрывалі раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935).

Раман «Трыццаць год», у якім уздымалася праблема станаўлення так званай новай, сацыялістычнай маралі, застаўся незавершаным. Празаік узнавіў у першай апублікаванай частцы духоўную атмасферу грамадзянскай вайны, калі закладваліся асновы новых дачыненняў паміж людзьмі, выявіў глыбокае разуменне псіхалогіі герояў, адчуў у іх паводзінах прысутнасць самой гісторыі. Другая частка твора, прысвечаная падзеям сучаснасці, павінна была раскрыць маральны сэнс эпохі войнаў і рэвалюцый, але пісьменнік, як часта ў яго здаралася, захапіўся новаю задумаю. Ды і час, эпоха, відаць, унеслі сваю лепту ў тое, што празаік не дапісаў дадзены твор.

Раман К. Чорнага «Бацькаўшчына» знаходзіцца ў пачатку шэрагу эпічных твораў, дзе па-мастацку асэнсоўваўся перыяд падрыхтоўкі сацыяльнай рэвалюцыі і паступовага выспявання нацыянальнай ідэі, у цэнтры якой была праблема бацькаўшчыны. Імкненне паказаць рух беларускай гісторыі як шырокую, глыбокую і бурную рачную плынь выявілася ў спробе стварыць маштабны, панарамны эпас, пашырыць жанравыя магчымасці рамана, пабудаваць сюжэт, які павінен быў стаць мастацкім аналагам самой рэчаіснасці. У вобразе Леапольда Гушкі акрамя яго індывідуальных асаблівасцей («таямніца» паходжання, незразумелая навакольным упартасць у дасягненні мэты і разам з тым дзіўная трапятлівасць, якая часам у хвіліны разгубленасці пераходзіць у мітуслівасць) паказаны цяжкі шлях беларусаў да свабоды і незалежнасці. Мастацкае апавяданне з сацыяльна-гістарычнага плана паступова пераходзіць у план філасофскага асэнсавання «беларускага шляху», імкнення зразумець нацыянальную псіхалогію ў пераломны перыяд беларускай гісторыі. Наватарства Чорнага-раманіста заключаецца ва ўменні паказваць духоўны рост галоўнага героя ў цеснай лучнасці з рухам гісторыі: чалавек з'яўляецца творцам жыццёвага працэсу, а жыццё ў сваю чаргу стварае чалавека, шліфуе яго характар, вызначае яго лёс. Многія знаёмыя па творах класікаў вобразы, карціны, сюжэтныя хады («разбуранае гняздо», «родны кут») пад пяром К. Чорнага набылі маштабы нацыянальнай трагедыі. Аднак трагедыі з аптымістычным фіналам, што адпавядала філасофіі гісторыі, якую праводзіў у сваёй творчасці пісьменнік. Нездарма раман «Бацькаўшчына» быў перароблены яго аўтарам у аднайменную п'есу: К. Чорны імкнуўся не толькі пазбавіцца ад схематызму асобных вобразаў і ілюстрацыйных сюжэтных момантаў, але і надаць раманнай інтрызе высокае духоўнае напружанне, як мага больш драматызаваць сюжэт, завастрыць сацыяльны канфлікт.

Раман «Трэцяе пакаленне» (1935), дзе Чорным даследаваўся і крытыкаваўся свет уласніцтва, сёння выклікае спрэчкі. Разам з тым, аналізуючы яго, трэба мець на ўвазе, што раман меў некалькі рэдакцый, прычым кожная наступная пад націскам вульгарызатараў убірала ў сябе ўсё больш і больш нездаровую атмасферу эпохі, якая, так бы мовіць, і на дух не пераносіла ўласніцтва.

Пераважна з-за творчых прычын (хоць эпоха таксама наклала адбітак менавіта на такі зыход справы) засталіся незавершанымі раманы «Мядзведзічы» (1932) К. Крапівы (адлюстравана вёска на пачатковым этапе калектывізацыі) і «На чырвоных лядах» (1934) М. Лынькова (у цэнтры твора – дарэвалюцыйнае мястэчка з яго жыхарамі-тыпамі).

Паэтыка сацыялістычнага рэалізму, які сцвярджаў сябе ў 30-я гады, на пярэдні план вылучала раман, у якім, аднак, бачыўся эпас, але не прыватнага, а грамадскага жыцця. Асабістае ў характары героя ацэньвалася як праява агульнага, у выніку псіхалогія падмянялася сацыялогіяй. На шырокім гістарычным фоне жывуць і дзейнічаюць героі рамана П. Галавача «Праз гады» (1934–1935), у якім асобнае месца займае паказ грамадства з класавага пункту погляду. Імкненне да манументальнасці выявілася ў індывідуальным стылі празаіка, вонкава аб'ектыўным, нават бясстрасна-рацыянальным, амаль пазбаўленым ад аўтарскай ацэначнасці, што ў сваю чаргу вяло да прыкметнай аднастайнасці малюнка, празмернай замаруджанасці дзеяння, лішняй дэталізацыі. Намаляваная П. Галавачом панарама падзей уражвае сваімі маштабамі: дзеянне адбываецца ў Пецярбурзе, у Сібіры, у вёсцы. Гэта шматгеройны твор, але ў цэнтры сюжэта – прафесійны рэвалюцыянер Павел Буднік, якому ўласцівы не толькі ясны позірк на свет, але і разуменне селяніна, высокая культура адносін з людзьмі. У сваіх учынках ён кіруецца паняццямі класавасці, у адпаведнасці з якімі ацэньвае кожнага чалавека: студэнта Кулікоўскага, які «пратэстуе сваёй смерцю» супраць сацыяльнай несправяддівасці, прафесара Пілацеева, які за інтэлігенцкай фразеалогіяй хавае свае шавіністычныя погляды, прафесара Галынскага, які «ўсё чагосьці шукае, як бы ў тумане ходзіць», прыстасаванца і кар'ерыста Ягуплу, паказнога рэвалюцыянера Лейку. Сімпатыі Будніка на баку такіх працаўнікоў, як Тарэнта Шкробат, жыццёвы лёс якога як бы ілюструе драму народа, што век не меў сваёй зямлі. Пры ўсіх станоўчых момантах твора ідэалагізацыя асабістых дачыненняў герояў рамана прыкметна збядняла іх чалавечую сутнасць, духоўны свет, спрашчала карціну падзей.

М. Гарэцкі сваёй творчасцю прыўнёс у беларускі раман пафас сацыяльна-гістарычнага і псіхалагічна-міфалагічнага даследавання. Гэта выявілася праз раманы «Віленскія камунары» (1931–1932) і «Камароўская хроніка» (1932–1937).

Велізарныя эстэтычныя магчымасці беларускай гісторыі прадэманстраваны М. Гарэцкім у рамане «Віленскія камунары» на адным толькі эпізодзе рэальнага жыцця і подзвігу віленскіх рэвалюцыянераў у часы грамадзянскай вайны. Асаблівую шчырасць і непаўторную паэтычную афарбоўку надае твору мастацкае апавяданне ад імя першай асобы. Мацей Мышка, вачыма якога ўбачаны падзеі, прамы нашчадак беларускіх паўстанцаў, носьбіт нацыянальнай ідэі. Ён добра ўпісваецца ў шэрагі абаронцаў Віленскай гарадской рады (тарыбы), дзе поруч былі беларусы і літоўцы, палякі і рускія, эсэры, бундаўцы, меншавікі, бальшавікі, нацыяналісты і інтэрнацыяналісты, – усе, каго яднала ідэя свабоды. У шматгалоссе ідэйных дыскусій, узноўленых аўтарам, Мацей уносіць голас здаровага сялянскага розуму, які не паддаецца настроям, і вопыт прафесійнага змагара, які за вонкавым бачыць сутнасць. Мацей умее ўзняцца над акалічнасцямі, над уласным самалюбствам, у чым яму дапамагае такая сямейная рыса, як іронія. Іронія героя універсальная, звернугая на ўсе сферы жыцця, без выключэння. Гэта, нарэшце, іронія самога аўтара, які добра ведаў выказванне Гегеля і Маркса пра «іронію гісторыі», калі трагедыя паўтараецца праз пэўны час ў выглядзе фарсу. Мацей пасмейваецца з сябе, бацькі, дзеда, якіх лёс кідае з агню ды ў полымя, іранізуе над прэтэнзіямі эфемерных партый і партыек на ісціну ў апошняй інстанцыі. Толькі ў адным выпадку іронія героя саступае месца гераічнай пафаснасці, калі ён у якасці апошняга сведкі апавядае пра пагібель сяброў-камунараў.

Раман-эпапея «Камароўская хроніка» апавядае пра лёс беларусаў на працягу XIX – пачатку XX стст. Сюжэт яе хранікальна-біяфафічны: усе вялікія і малыя падзеі вясковага жыцця Камароўкі ўзнаўляюцца падрабязна, грунтоўна, з адчуваннем значнасці кожнай дэталі і факта эпохі, якая знікае на вачах сучасніка. Камароўка, як Баркулабава ў славутым летапісе, увасабляе гісторыю нацыі, якая развітваецца са сваім вясковым мінулым. Аўтар узгадвае ўсё, што ведае, чуў пра Камароўку і яе жыхароў. Падзеі сучаснасці, відарыс якіх М. Гарэцкі дае ў апошнім раздзеле твора, праецыруюцца на ўсё, што адбывалася раней, надаючы мастацкаму апавяданню своеасаблівы ўнутраны драматызм і ўздымаючы асобныя эпізоды (смерць Марынкі) да ўзроўню трагедыі. На жаль, М. Гарэцкаму не ўдалося завяршыць раман.

Беларускі раман, не дасягнуўшы свайго творчага ўзлёту, перажываў у 30-я гады крызісны стан, што тлумачылася імкненнем прозы да сацыялістычнага рэалізму, які па сваёй сутнасці адмаўляў асабовае ў чалавеку, свабоду самавыяўлення. Гэта з'ява яскрава нагадвае пра сябе ў гісторыі напісання рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі» (1929–1932): празаіку давялося ўносіць змены ў першапачатковую задуму, уводзіць дадатковы матэрыял, новых герояў, якія павінны былі стаць «супрацьвагай» галоўнаму герою, выкарыстоўваць мала ўласцівыя творчай манеры З. Бядулі шарж і гратэск. Раман нясе на сабе сляды творчага эксперыменту, што выявілася ў выкарыстанні мадэрнісцкіх прыёмаў, у той час як вульгарызатарская крытыка вымагала ад пісьменніка светапогляднай адназначнасці і традыцыйнага рэалізму з дамешкамі сацыялагізму. Загадка галоўнага героя рамана Язэпа Крушынскага, авантурыста, тып якога глыбока распрацаваны сусветнай літаратурай, ляжыць менавіта ў дваістасці аўтарскіх адносін да яго: захапленне мяжуе з асуджэннем, а ідэалізацыя, у якой папракалі пісьменніка крытыкі, перакрыжоўваецца з выкрыццём. У натуры Крушынскага прыкметны мефістофельскі пачатак, які ўсё ператварае ў сваю супрацьлегласць, высокае зніжае, а нізкае ўзвышае, руйнуе (крушыць) усё навокал.

Сцвярджэнне ў жанры рамана надасабовых, дзяржаўных ідэалаў азначала, што пісьменнікі ўсё часцей здраджвалі мастацкай прыродзе творчасці на карысць ідэалагічнай прапагандзе сацыялістычных ідэй. Раманы, апублікаваныя ў другой палове 1930-х гадоў, па многіх сваіх змястоўных і фармальных прыкметах належаць да літаратуры новага тыпу, літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Вонкава яны капіравалі класічныя ўзоры, у прыватнасці, актыўна пераймалі творчы вопыт Л. Талстога, аўтара эпапеі «Вайна і мір», але, па сутнасці, выкарыстоўвалі наватарскія адкрыцці папярэднікаў, каб паказаць маштабы рэвалюцыйных пераўтварэнняў, якія сацыяльна змянялі аблічча свету. Талстоўская «думка народная» трансфармавалася ў думку аб вядучай ролі камуністычнай партыі ў арганізацыі «народнай стыхіі» і фарміраванні сацыялістычнага калектыву. Адсюль аднастайнасць сюжэтнай схемы: раман М. Зарэцкага «Вязьмо» (1932) шмат у чым пераклікаецца з раманам М. Шолахава «Узнятая цаліна», а раман Б. Мікуліча «Дужасць» (1934) – з раманам М. Горкага «Маці». Адсюль падабенства вобраза «станоўчага героя» – змагара, будаўніка, кіраўніка, з дапамогай якога празаік дэманструе сваю веру ў канчатковую перамогу камуністычных ідэй.

У самым канцы дзесяцігоддзя з'явіўся раман Р. Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1939). У ім ўзнаўляецца атмасфера даносчыцтва, падазронасці і нецярпімасці, тыповая для 30-х гадоў, якія апісваюцца ў творы. У рамках пануючай ідэалогіі, схільнай усе недахопы залічваць на кошт класавага ворага, аўтар усё ж змог выказаць свае адносіны да падзей і адкрыта заявіць аб тым, што новае жыццё ў калектыве павінна будавацца на аснове прынцыпаў народаўладдзя, роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. Сацыяльны канфлікт паміж староннікамі і праціўнікамі будаўніцтва «новага свету» ў рамане напаўняецца інтэлектуальным сэнсам, перарастае ў сутыкненне дзвюх супрацьлеглых філасофскіх канцэпцый. Аўтар у гэтай дыскусіі на баку тых, хто кіруецца здаровым сялянскім розумам і імкнецца рацыянальна распланаваць свет. Паказваючы сваіх герояў, ён выкарыстоўвае багатую палітру фарбаў, асвоеных да таго часу беларускай прозай, што было асабліва прыкметным на фоне стылявой беднасці і аднастайнасці тагачаснай літаратуры. Раман «Салаўі святога Палікара» – узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 30-х гадоў.

александровіч паэма проза драматургія

3. Драматургія 1930-х гадоў


Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як прынцыпова творчая перамога пракламавалася з'яўленне п'ес з індустрыяльнай тэматыкай. Хваліліся творы за распрацоўку ў іх праблем сацыялістычнага спаборніцтва, разгортвання рацыяналізатарства на вытворчасці і, вядома ж, за адлюстраванне змагання за інтэрнацыяналізм супраць «нацыянал-шавінізму». На ўсіх тэатральных нарадах у ліку прынцыповых дасягненняў беларускай драматургіі называліся п'есы «Мост» Я. Рамановіча, «Гута» Р. Кобеца, «Напор» А. Александровіча, «Качагары» I. Гурскага – творы менавіта на вытворча-індустрыяльную праблематыку з абавязковым наборам у сюжэце пэўных штампаў (сацспаборніцтва, класавая пільнасць, шкодніцтва і г. д.).

У пачатку 1930-х гг. сталася так, што прадстаўнікоў старых драматургічных школ, у тым ліку і школы Першага Таварыства беларускай драмы і камедыі, сталі нахрапіста цясніць драматургі сацыялагічнай арыентацыі. Маючы падтрымку на дзяржаўным узроўні, яны пачалі навадняць драматургічна-тэатральную прастору Беларусі павярхоўнымі, пазбаўленымі псіхалагізму і сапраўднага драматургічнага канфлікту п'ескамі на надзённую тэматыку. Асабліва папулярнай па вядомых прычынах была тэма калектывізацыі. П'есы «Засеўная» і «Помста кулацкая» (1930) Б. Крамскога, «Сварка», «Бальшавіцкая вясна» (1930) I. Гурскага, «На пэўным шляху» (1930) С. Якаўлева, «Шляхі» (1930) У. Стэльмаха, «Камяніца» (1930) М. Міцкевіча, «Песні нашых дзён» (1930) В. Гарбацэвіча, «За калгас» (1930) Я. Мазуркевіча, «Трактар» (1931) М. Блісцінава ствараюць уражанне аб стане беларускай драматургіі таго часу далёка не аптымістычнае: залішне рэзка кідаецца ў вочы яе адступленне з заваяваных раней вышынь мастацкага асэнсавання сельскай рэчаіснасці. Плакатная немудрагелістасць задумы, схематызм сюжэтнай будовы, поўная бездапаможнасць у раскрыцці індывідуальных асаблівасцей характараў герояў – вось далёка не поўны пералік «хвароб», якія падточвалі згаданыя п'есы. Адзначаючы іх слабасці мастацкія, нельга не засведчыць адну акалічнасць: амаль усе яны заключалі ў сабе нездаровы сацыяльны зарад, інспірыруючы ў грамадстве класавую варожасць, настроі экзальтаванага недаверу, падазронасці і неталерантнасці.

Найбольш таленавітыя з маладых драматургаў (В. Шашалевіч, М. Зарэцкі, К. Чорны) знаходзілі ў сабе сілы не паддавацца масаваму псіхозу, узняцца над ворагаманіяй. У драме (аўтарскае вызначэнне – драматычныя абразы) В. Шашалевіча «Рой» (1931) хапае і намёкаў на свядомае шкодніцтва, і акцэнтацыі на класавы антаганізм, і пэўнага схематызму ў паказе чалавечых узаемаадносін. Але ў ёй няму прымітыўнай зададзенасці ў поглядах на людзей, знарочыстага шаржыравання і адурнення прадстаўнікоў варожага лагеру. Жорсткім рэалізмам патыхае ад многіх сцэн драмы, праўда часу сведчыла пра сябе трагічнымі лёсамі людзей. Няўрымслівы калектывізатар, старшыня райвыканкама Дзевясіл не астуджвае свайго імпэту нават пасля публікацыі славутага артыкула I. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў». Валюнтарызм Дзевясіла зламаў не адзін чалавечы лёс, але людзі адчувалі, што не адно тое сонца, што адбіваецца ад райвыканкамаўскага аконца, таму пачалі задумвацца над падзеямі, над уласным жыццём.

Яшчэ большую паслядоўнасць у імкненні пазбегнуць спрошчанасці і павярхоўнасці ў паказе першых гадоў калектывізацыі беларускай вёскі праявіў Кузьма Чорны ў драме «Лета» (1932). Але на агульным шэрым фоне дзве-тры яркія ўдачы проста губляліся. Такімі п'есамі, як «Помста кулацкая» ды на яе падобнымі, нацыянальны тэатр да росквіту прывесці проста немагчыма. Гэту акалічнасць выдатна ўсведамлялі нават тыя, хто выспаведваў вульгарна зразуметы сацыялагізм у творчасці. Тэатрам трэба было нешта ставіць, таму на ўрадавым узроўні было прынята некалькі дырэктыў, якія скіроўваліся на пошук эфектыўных сродкаў паляпшэння тэатральнай справы на Беларусі. Сярод самых буйнамаштабных мерапрыемстваў, скіраваных на ажыццяўленне гэтых дырэктыў, было абвяшчэнне Саўнаркомам БССР дзяржаўнага конкурсу на лепшы драматургічны твор. Конкурс праводзіўся з небывалым размахам. Аб'явіўшы 1933 год годам штурму драматургічных вяршынь, беларускае кіраўніцтва прыклала максімум намаганняў, каб конкурс атрымаўся масавым.

Сярод адзначаных журы конкурсу твораў была і п'еса М. Зарэцкага «Сымон Карызна» (1933). Напісаная паводле рамана «Вязьмо», яна надзвычай ярка даносіла характэрныя асаблівасці перабудовы вёскі, перадавала напал барацьбы, сутычак розных жыццёвых пазіцый. Гэта, бадай, першая з пачатку 30-х гадоў п'еса, у якой характары створаны па законах драматургіі. Пісьменнік дасягае не проста выразнасці, а своеасаблівай «стэрэаскапічнасці» вобразаў, вылучаецца яго ўменне зазірнуць у душу кожнага героя. Поспех п'есы быў абумоўлены ідэалагічнай незакамплексаванасцю аўтара. Творчым дасягненнем з'яўляецца сатырычнае выкрыццё майстра прымусовай калектывізацыі – старшыні валвыканкама Пацяроба, вобраз якога набыў абагульняючыя адзнакі сацыяльнай з'явы – пацяробаўшчыны.

На жаль, іншыя п'есы, прысвечаныя асэнсаванню рэформных пераўтварэнняў беларускай вёскі («Тры крыжыкі» (1932) У. Стэльмаха, «Шляхі-дарогі» (1935) Я. Рамановіча, «Актывісты» (1933) Г. Ісаенкі, «Грунт» (1934) М. Блісцінава, «Нашы казыры» (1934) А. Траецкага, «Сваты» (1934) І. Гурскага, «Мікола Гоман», «Самсон і Людміла» (1936) В. Сташэўскага), не ўзняліся да высокіх мастацкіх абагульненняў.

У гэты час манаполія на драматургічную крытыку перайшла да В. Вольскага, М. Модэля і некаторых іншых, яшчэ менш кваліфікаваных літаратараў, а такія буйныя спецыялісты, як А. Вазнясенскі, А. Барычэўскі, I. Замоцін, М. Піятуховіч, якія ў 20-я гады прафесіянальна-грунтоўна пісалі пра драматургію, замоўклі.

Адной з ідэяй няўрымслівых наватараў (пад імі С. Лаўшук, прычым з даволі значнай доляй іроніі, падразумявае вульгарных сацыёлаў: В. Вольскага, А. Кучара, М. Молэля і некат. інш. – В.Я.) было ўкараненне так званага дыялектыка-матэрыялістычнага метаду ў мастацтве, заснаванага на механістычным пераносе законаў і катэгорый дыялектыкі ў галіну мастацкай творчасці. Паводле гэтага метаду, п'есу неабходна было будаваць у адпаведнасці з законам адзінства і барацьбы супрацьлегласцей. I канкрэтней: патрабавалася абаязковая градацыя – спачатку пазнанне, а толькі потым – вобразнае адлюстраванне.

У беларускай драматургіі сярод прыхільнікаў згаданага метаду варта назваць А. Александровіча і I Гурскага. Драмы «Напор» (1931) першага з іх і «Новы горад» (1931) другога крытыка абвясціла ўзорнымі. «Пасля вядомай па сваёй палітычнай актуальнасці і класавай завостранасці паэмы «Цені на сонцы», – сцвярджаў С. Куніцкі, – п'еса «Напор» на этапе рэканструкцыі займае адно з першых месц не только на творчым шляху Андрэя Александровіча, але і на шляху развіцця беларускай пралетарскай літаратуры наогул. Гэта сапраўды буйны твор на тэму нашай пераможнай сацыялістычнай вытворчасці» (Драматургія. Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў Аргкамітэта ССП БССР і Інстытута літаратуры і мастацтва. Мн., 1934. С. 157.). На самай справе «Напор» з'яўляўся буйным творам толькі сваімі памерамі. У адпаведнасці з «нормамі» дыялектыка-матэрыялістычнага метаду драматург будаваў рацыяналістычную канструкцыю, у якой сапраўды драматургічны дыялог імітуецца доўгімі размовамі аб тым, як рабочыя дрэваапрацоўчага завода, змагаючыся за выкананне прамфінплана, стараюцца зрабіць тысячу зборных домікаў для шахцёраў Данбаса, а мастацкі канфлікт не дужа спрытна падменены бутафорскай барацьбой анемічных герояў за вызначаныя ім аўтарскай задумай мэты. Драма «Напор» – своеасаблівы катэхізіс класавай барацьбы, як яе разумелі ў пачатку 30-х гадоў. «Дыялектычны» падыход не перашкодзіў пісьменніку разгледзець у калектыве невялікага завода ледзь не ўсе «праявы шкодніцтва».

У 1933 г. п'есу на індустрыяльную тэму пад назвай «Белая зброя» напісаў У. Галубок. Паездзіўшы па заводах і фабрыках, нагутарыўшыся з перадавікамі вытворчасці і новабудоўляў, пісьменнік прапанаваў сваю версію працоўных здзяйсненняў краіны. У гэтым творы зніклі характэрныя рысы галубкоўскай мастакоўскай манеры, выкрышталізаванай дзесяцігоддзямі мэтанакіраванай працы. Ілюстрацыйнай стала драматургія – ілюстрацыйным зрабіўся тэатр.

Лепшыя з рускіх драматургаў – А. Афінагенаў, М. Булгакаў, У. Кіршон, Л. Лявонаў – і ў той складаны час падтрымлівалі законы сапраўднага мастацтва. М. Пагодзін на Першым Усесаюзным з'ездзе савецкіх пісьменнікаў горача і рашуча заклікаў ствараць драматургічную літаратуру высокага класа. У беларускай драматургіі згаданую тэндэнцыю падтрымлівалі выхадцы з літаратурнага аб'яднання «Узвышша» і ў першую чаргу – Кузьма Чорны, які свае погляды падкрэслена палемічна выклаў у артыкулах «Рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства» (1932), «Заўвагі пра драматургію» (1933), «Працаваць над драматургічным словам» (1934). Гэтыя артыкулы самі па сабе – значны ўклад у выпрацоўку драматургічных традыцый беларускай літаратуры, але К. Чорны на гэтым не спыніўся, паспрабаваўшы на практыцы ажыццявіць уласныя тэарэтычныя погляды. У творчасці ён сябе паслядоўна прылучаў да наватараў, спаведваючы спачатку тэорыю жывога чалавека, а потым ідэю малых спраў. Праўда, у героіка-гістарычнай драме «Вызваленне» (1930) пісьменнік выявіў сябе хутчэй як традыцыяналіст. У драме ж «Бацькаўшчына», напісанай паводле аднайменнага рамана ў 1932 г. (другі варыянт – у 1933 г., канчатковая версія надрукавана ў 1939 г.), ён паспрабаваў звычайныя з'явы штодзённасці ўзняць на «вышыню вялікіх ідэй». З'яўленне «Бацькаўшчыны» ў беларускай драматургіі 30-х гадоў аказалася значнай падзеяй. Заслуга К. Чорнага перад беларускай драматургіяй заключаецца яшчэ і ў тым, што ён, высока ацэньваючы значэнне тэатра для нацыянальнага адраджэння, паспяхова загітоўваў пісьменнікаў розных жанраў працаваць для сцэны. Пра гэту акалічнасць згадваў К. Крапіва. Менавіта дзякуючы К. Чорнаму і К. Крапіве ў беларускай драматургіі сталі сцвярджацца некаторыя новыя творчыя тэндэнцыі. Перш за ўсё гэта выявілася ў пашырэнні яе жанрава-тэматычных гарызонтаў. Прыкметна ўзмацнілася, напрыклад, увага да маральна-этычнай праблематыкі, стаў паступова пераадольвацца тэндэнцыйны, аднабаковы паказ характараў. Узмацнілася ўвага да народных асноў жыцця, якія вызначалі менталітэт нацыі. К. Крапіва даследуе праблемы маральнай адказнасці асобы, дыялектыку асабістага і грамадскага («Канец дружбы», 1934). Лідэры беларускай драматургіі засяродзілі сваю ўвагу на барацьбе з правінцыйнасцю мастацкага мыслення, павярхоўнасцю і ілюстрацыйнасцю асэнсавання рэчаіснасці. Небяспечна было наогул звяртацца да праблем савецкага жыцця і таму позіркі пісьменнікаў часта скіроўваліся за мяжу.

У 1935 г. В. Шашалевіч напісаў драму «Сімфонія гневу». Да гэтага ж часу сам драматург паспеў пабываць у берыеўска-берманаўскіх засценках, таму яго аб'ектыўна-светапогляднае непрыняцце таталітарызму ўзмацнілася яшчэ і асабістымі рахункамі. Як п'есу-папярэджанне ўспрыняла літаратурная грамадскасць «Сімфонію гневу», разглядаючы яе ў шэрагу такіх вядомых у свеце твораў, як «Міхаэль Кнобэ, або Дзірка на твары» Э. Велька, «Крутагаловыя і вострагаловыя» Б. Брэхта, «На Захадзе бой» Ус. Вішнеўскага, «Алькадар» Г. Мдзівані, «Маці» К. Чапэка, «Салют, Іспанія» А. Афінагенава. У гісторыі беларускай драматургіі «Сімфоніі гневу» належыць важнае месца дзякуючы глыбіні ў распрацоўцы праблемы ўзаемаадносін мастака і тыранічнай улады. Галоўны герой кампазітар Раман Сальк сцвярджаў, што ніхто – ні дзяржава, ні ўрад, ні прыватны чалавек – не павінен дыктаваць вольнаму духу мастака, што ні адзін найвялікшы твор мастацтва не быў напісаны па чыімсьці загаду. Мастак сам знаходзіць свае тэмы, ён прыслухоўваецца толькі да свайго сумлення. Кіруецца ўласнымі перакананнямі, якія даюць яму сілы тварыць. Жыццё ўнясе пэўныя карэктывы ў гэтыя погляды кампазітара, і ён згодзіцца напісаць сімфонію па заказу, але гэта будзе заказ не ўладароў, а прыгнечанага народа.

У шэрагу антыфашысцкіх п'ес своеасаблівае месца належыць драме Б. Мікуліча «Рот фронт» (1933). Сюжэт п'есы мае нязвыклую структуру: твор атрымаў форму драматычнай аповесці без разбіўкі на дзеі, акты, сцэны, але з вылучэннем некалькіх падзейна-тэматычных блокаў. Адсутнасць у п'есе прывычнага для драматургіі арганізацыі канфлікту пісьменнік спрабаваў кампенсаваць багаццем жыццёвых фактаў. Кожным сваім радком «Рот фронт» быў скіраваны супраць традыцыйнай паэтыкі ў драматургіі, супраць таго яе напрамку, які звязваўся з творчасцю К. Крапівы і К. Чорнага. Амаль адначасова з п'есай «Рот фронт» малады пісьменнік піша палемічны артыкул «Дыскусійныя нататкі», у якім зусім пэўна выклаў свае погляды на праблему: «У апошні час на літаратурным і тэатральным фронце зноў актывізуецца зацікаўленасць вакол праблемы наватарства. Гэта праблема датычыцца ўсіх відаў мастацтва. Некаторыя з літаратараў лічаць усялякае наватарства фармалізмам, г. зн. выяўленнем ідэалогіі загніваючай буржуазіі, абвяшчаюць фармальны эксперымент з'явай рэакцыйнай… Усё настойлівей і настойлівей гучаць галасы за аднаўленне «класічнай» драмы (тры дзеі, пяць удзельнікаў і г.

Если Вам нужна помощь с академической работой (курсовая, контрольная, диплом, реферат и т.д.), обратитесь к нашим специалистам. Более 90000 специалистов готовы Вам помочь.
Бесплатные корректировки и доработки. Бесплатная оценка стоимости работы.

Поможем написать работу на аналогичную тему

Получить выполненную работу или консультацию специалиста по вашему учебному проекту
Нужна помощь в написании работы?
Мы - биржа профессиональных авторов (преподавателей и доцентов вузов). Пишем статьи РИНЦ, ВАК, Scopus. Помогаем в публикации. Правки вносим бесплатно.

Похожие рефераты: